Авторизация

Інтэрв’ю з хлопцамі з Слоніма!

1 121 views
Опубликовано: 23.11.2015 в 16:50

Футбольны сезон у першай лізе завершаны, апошнія матчы згуляныя, і гульцы, адміністратары ды трэнеры ФК «Слонім» могуць пачаць думаць пра адпачынак. Але футбольны сезон у Слоніме завершаны не толькі ў іх, але і ў людзей, якія называюць сябе футбольнымі фанатамі, альбо Ультрас.

 

— Хлопцы, першае пытанне да вас: як даўно вы ў каляфутбольным руху?

Ігар: З 2008 года.

Арцём: З 2009-га.

Алег: Я з`явіўся крыху пазней, у 2011 годзе.

— Як ацэніце мінулы футбольны сезон для вашай фірмы?

Ігар: У першую чаргу адзначу прыход новых лю­дзей, склад на сектары абнавіўся амаль на 80%. Хоць так адбываецца амаль кожны сезон, але ёсць пэўны касцяк людзей, якія пераходзяць з года ў год. На іх і трымаецца ўвесь рух.

Арцём: Я б ацаніў сезон адным словам — стабільнасць. Але ёсць і прагрэс. Да прыкладу, абнавілася атрыбутыка.

Алег: Прагрэс адназначна ёсць, хоць і невялікі, гэта відаць па тым, што павялічылася колькасць людзей на фан-сектары,
хоць і на трохі, але павялічылася. Таксама больш людзей стала ездзіць на выезды ў іншыя гарады.
— І які рэкорд наведвальнасці на вашым сектары ў гэтым сезоне?

Алег: 70 чалавек — столькі было ў хатнім матчы з «Хімікам» са Светлагорска.

— А якія планы ў слонімскага фан-руху на бліжэйшы год?

Ігар: Перш за ўсё працягваць абнаўляць атрыбутыку, зрабіць новыя банары, расцяжкі, вопратку з лагатыпамі.

Арцём: Плюс у нас у планах некалькі дабрачынных акцый, да прыкладу збор сродкаў на падарункі дзецям у дзіцячых дамах. Таксама акцыі на папулярызацыю беларускай мовы.

Алег: Плюс мы маем намер пачаць збіраць подпісы для вяртання камандзе назвы «Камунальнік».

— Закранулі тэму беларускай мовы. Футбольныя фанаты, асабліва ў апошні час, кажуць, сталі вельмі патрыятычна настроенымі. Гэта сапраўды так?
Ігар: Так, бо кожны народ павінен памятаць свае карані. А мова, культура і ёсць падмурак для моцнага народа.

Арцём: У наступным годзе плануем зрабіць вялікі банар з нацыянальным беларускім гербам «Пагоня».

Алег: Таксама зазначу, што і ў мінулым сезоне ўсе банары ў нас былі на беларускай мове.

— А з кім з фанатаў іншых каманд падтрымліваеце сяброўскія адносіны?

Арцём: З лідскімі фанатамі, і ўжо дастаткова даўно. Апошняя гульня сезона атрымалася вельмі цікавай, з лікам Ліда — Слонім — 6:4. У брацкай Лідзе пабывала 35 жоўта-сініх ультрас!

— Многія чытачы могуць запытацца: навошта вам гэта ўсё трэба? Паспрабуйце адказаць ім, што для вас ваш рух?

Ігар: Рух — гэта частка жыцця, а кожны футбольны матч для мяне як свята. Я ўжо не ўяўляю сябе без футболу і руху. Спачатку гэта было захапленне, але пазней перарасло ў нешта большае, чым проста хобі. Прыходзячы на футбол, падтрымліваючы каманду, ты забываеш пра ўсе свае праблемы — напера­дзе толькі гульня любімай каманды, незабыўны адпачынак, выдатны настрой, зарад энергіі на цэлы дзень і побач поўны сектар такіх жа хлопцаў, як ты.

Арцём: Можна сказаць, гэта хобі, якому аддаю шмат часу. Ніколі не разумеў людзей, якія называюць нас адмарозкамі ці накшталт гэтага, бо мы падтрымліваем родную каманду. Вядома, многім прасцей сядзець дома і паліваць нас брудам. Рух даў мне добрых сяброў, якія дапамогуць у цяжкую хвіліну. Рух — гэта частка мяне.

Алег: Наш рух для мяне таксама як хобі. Некаму падабаецца калекцыянаваць матылькоў, камусьці — іншае, а мне падабаецца каляфутбольная культура, падабаецца ездзіць на выезды і рваць горла, заўзеючы за нашу каманду.
— Сярод простых абывацеляў, як дакладна прыкмеціў Арцём, часта існуе меркаванне, што футбольныя фанаты — гэта «хуліганы і адмарозкі». Давайце на вашым прыкладзе паспрабуем зламаць стэрэатыпы. Вось скажыце, кім вы працуеце, чым, акрамя футболу, цікавіцеся?

Ігар: я ўжо шмат гадоў працую юрыстам. Акрамя нашага руху, вельмі цікаўлюся палітыкай.

Арцём: Я менеджар па продажах. Сур`ёзных захапленняў, акрамя нашага руху, няма, бо ў вольны час стараюся падпрацоўваць, каб зарабіць грошай.

Алег: Я працую слесарам-рамонтнікам, а па спецыяльнасці аўтаслесар. Захапляюся яшчэ музыкай, люблю актыўны адпачынак.

— Якую апошнюю кнігу вы прачыталі?
Ігар: Апошняя кніга была па скандынаўскай міфалогіі, цяпер чытаю «Англія на выездзе».

Арцём: «Фанаты», аўтар Дугі Брымсан.

Алег: Я рэдка чытаю кнігі, не хапае часу. У асноўным артыкулы ў інтэрнэце.

— Вашы музычныя перавагі?
Ігар: Я слухаю беларускі рок, каляфутбольны рэп, ska. У апошні час часта слухаю «Рой шоу».

Арцём: Пераважна рок і рэп.

Алег: Наогул розныя напрамкі — рэп, каляфутбольны рэп, рок, бывае, слухаю класіку. Я меламан.

—І напрыканцы нашай гутаркі што б вы пажадалі нашым чытачам?

Ігар: З дазволу маіх сяброў адкажу я. Прыходзьце на стадыён, падтрымлівайце нашу каманду, наш горад! А таксама любіце сваю Радзіму і думайце сваёй галавою. Асобна звярнуся да бацькоў нашых больш юных сяброў па каляфутболе: хай ваша дзіця лепш на выходныя прый­дзе на фан-сектар і будзе хварэць за родны клуб, чым сядзець дома за камп`ютарам альбо піць і паліць невядома дзе.

Інтэрв’ю падрыхтаваў Мікіта Пастухоў! https://vk.com/slonimfans

 

Поделиться в соц. сетях

0

Оставить комментарий