Авторизация

Справаздача аб выправе на велах Брэст — Гродно

271 views
Опубликовано: 24.08.2016 в 9:51

Летнія дні двое фанатаў усім вядомага клубу з горада над Бугам вырашылі разбавіць арыгінальнай выправай у Гародню веласіпедамі. Напачатку, не асабліва распаўсюджвалі інфармацыю, каб нашыя планы не сарваліся і не прыйшлося стацца аб’ектамі глуму, ды таемна рыхтаваліся да ваяжу. Аднак, бліжэй да часу Х, аб нашай задуме незразумелым чынам ужо пайшоў слышок і за некалькі дзён да ад’езду на велавыправюкоў выйшаў старажыл сектару па мянушцы М, з жаданнем далучыцца да веламобу. Што ж, утрох весялей і ўгарней. Стартавалі ў сераду раніцай з «На балоце» бо ўсім траім зручней было дабірацца менавіта туды, але графік быў змешчаны пазней на гадзіну, бо адзін з удзельнікаў мірна спаў і праспаў…

111

222

Надвор’е спрыяла і да Відамлі пелатон дабраўся амаль без здарэнняў. Аднак ужо там, ля мясцовай крамы высветлілася што могуць узнікнуць першыя касякі з велам у З і таму было прынята рашэнне на ўсялякі выпадак ехаць праз рынак у Камянцы, бо далей на пушчанскіх прасторах ужо ня будзе ні сельпо ні заправак. У Камянцы даведаліся аб тым што са згаданым траблам людзі па два гады катаюць, а вось педаль дасць аб сабе ведаць. Працягнулі выправу далей, “прэзідэнцкая” шаша, навокал ні душы, раз пораз праскоквалі адзінокія аўтамабілі. Ужо праз пару гадзінаў падарожжа, кішкаблуды веламобу захацелі пахаваць ды й смага нагадвала аб сабе, вырашылі шукаць “што небудзь”. На GPS выглядзелі што па дарозе мусіць быць крыніца, зварочваем, як апынулася крыніца знаходзілася пры нейкім хрысціянскім манастыры. Папоўніўшы запасы вады, старажыл М пагутарыў з мясцовымі і высветліў што крамы тут няма, два разы на тыдзень прыяжджае аўталаўка, аднак можна паспрабаваць пахаваць у трапезнай манастырскай ежы. Фанат С, твар якога ўжо падстаміўся, ня доўга супраціўляўся і вырашыў кіравацца да брамы манастыра разам з намі, хоць гэта ну ніяк не супадае з яго поглядамі. Але ня доўга грала музыка, мясцовая настаяцельніца пабачыўшы напаўкрымінальныя твары велавыправюкоў, паведаміла што “Кармёжка путнікаў тут не прадугледжана”.

333

444

Кіруемся далей, краявіды, цішыня, здаровае паветра і ў васьмі кіламетрах ад мястэчка Шарашова ў касячнага вела З ламаецца педаль. Зноў губляем каштоўны час, камбінуем, спыняем машыны, раімся і ў выніку М бярэ на буксір З пад каментары С што той хоча пахаваць едзем у Шарашова. У мястэчку апынуліся задоўга пасля поўдню, дзе ў мясцовай сталоўцы пад закрыццё, залпам з’елі па пары талерак супу, бо іншага ў меню ўжо не заставалася. Прайшоўшыся па мясцовых гандлёвых кропках, даведаліся што ў шарашоўскім ЖЭСе ёсць сваршчык які б мог дапамагчы выправіць няспраўнасць. З са сваім велам рушыў да яго і сапраўды, той намёртва прыварыў педаль і на пытанне “Што мы павінны?” сказазаў што “Справа лёгкая, нічога”, але З сунуў яму пяцірублёвік. Зрабілі гадзінны перапынак на цэнтральнай плошчы каб вырашыць якім шляхам ехаць далей і што з харчоў браць з сабой бо наперадзе чакала вялікая частка пушчы. Мясцовы дзед з якім вельмі пасябраваў М патлумачыў як лепей ехаць далей, каб хутчэй выехаць на мяжу Берасцейшчыны і Гарадзеншчыны, маўляў як быў бы маладзейшчы то выправіўся б з намі. Стартанулі між вёсак у ваколіцах пушчы, ехалі доўга пакуль напрыканцы дню не пабачылі знак “Запаведная зона”.

555

666

777

Гледзячы на GPS бачылі што да населеных пунктаў яшчэ педаліраваць і педаліраваць, вырашылі не гуляць з лёсам і застацца на ўскрайку запаведніка на стаянцы пад назваю “Воўк”, каб ужо раніцай свежымі рушыць далей. Разбіўшы лагер і распаліўшы вогнішча, адрэналіну ды атмасферы дадалі гукі якія даносіліся з лесу. Ці то нейкая параненая жывёла ці нешта яшчэ, наводзіла шораху на фаната С які першы раз ночыў у лесе. Агонь вырашылі не тушыць і па троху падкладваць дравішкі, бо жыўнасць не ходзіць да вагню, так бяспечней. Пад жарты і падколкі пазасыналі. Раніцою прыбраўшы лагер, скіраваліся на шашу і далей у пушчанскую зону. Праз кіламетраў дзесяць дабраліся да Новага Двару, ужо на Гарадзеншчыне. Пасля вадапою і водных працэдураў ля калодзежу, даведаліся ад мясцовых дзе крама, аднак да адкрыцця яе заставалася яшчэ гадзіна. Не губляючы часу паехалі ў кірунку Свіслачы і вось, змена краявіду, першыя ўзгоркі. Тармазнулі ля запраўкі падпампаваць колы, папіць кавы і паўтыкаць на краявіды. Наперадзе чакалі ўжо пад’ёмы і спускі, рэч забаўная але толькі не на пад’ёме. Кіламетры за кіламетрамі куражымся на спусках, дохлымі даяжджаем да Свіслачы і грузімся ў сталоўку на абед. Там вырашылі ў што бы ні было, але да вечару даехаць да Гародні. Фанацьё з Берасця, акурат даведалася аб тым што засталося менш за сотню км, падбадзёрвала тэлефанаваннямі і жадала “падкаціць” тачкамі каб далучыцца да імавернага пасляфінішнага ўгару. Аднак з кожным кіламетрам, ехаць усё цяжэй і цяжэй і толькі выпадковы турыст-паляк, якога прынялі за выведку апаненатаў, пачаставаў вугляводамі ў выглядзе стромных ірысак якія праз хвіліну былі з’едзены. Не патравіліся, норм. Пасля Свіслачы кацілі ўжо “на аўтамаце”, час ад часу пешшу пераходзячы ўзвышшы бо круціць педалі было ўлом. На дзіва старажыл М ці то быў мега зараджаны ці то меў якасны вел, але ішоў наперадзе пелатону.

999

Надвор’е спрыяла і пад вечар у Алекшыцах нас нагнаў аўтобус каманды дзеля якой і выправіліся ў Гародню. Спыняемся ў сталоўцы. Ціп афіцыянт, які здзіўлена на нас паглядаў, пасля вячэры запэўніў што наперадзе горак ня будзе, першых кіламетраў дзесяць, а далей, да самой Гародні нас чакаюць фінальныя рыўкі на пад’ёмах. Назад дарогі няма, круцім, пелатон расцягнуўся, твары велавыправюкоў пабледнелі. За некалькі дзесятакаў км да месца, сустракаем Васю Пешахода. Пад гэтую дудку вырашылі патрындзець, пакурыць цыгарэтаў, нібы па справе… І вось фінішны спурт, пад’ёмы, спускі і бачны той самы запаветны знак які месціцца на ўездах у гарадох. Гародня сустрэла нас за гадзіну да закату, супольныя віншаванні, фоты і г.д. У горадзе пакалесілі па пагорках навёўшы шораху, але ўсім ужо было побаку, хутчэй бы паставіць лагер і атаспацца бо заўтра мячык. Лагер паставілі ужо мегастомленымі ў лесе “дзе няма дроў”, ля “трапы здароўя” у парку Пышкі, але дзьве сімвалічныя палтарахі ды скудны харч дапамаглі ажывіць бяседу і падвесці вынікі выправы. Абудзіліся далёка за ранак, у сястры М прынялі душ і няспешна скіраваліся да стаду. Мінакі пазнавалі, адзін зрабіў сэлфі з “велавыправюкамі” бо інфа ўжо аказалася на belultras. Шпацыр і фоткі па Гародні, праверкі дакументаў (чамусці АМАПам з аўто на менскіх нумарах), дыскуссія С з апанентам аб будучых планах і ўжо ля стаду сустракаем першыя басы з горада над Бугам. Вітанні, жарты, шыза на сектары. Ды й каманда не падвяла, 4:0! Далей упіска ў бас і вяртанне дамоў. Што было далей вы і самі ведаеце… Вынік такі: 2 дні, 270 км і літры выйшаўшага скаму. Карацей, верце ў сябе і катайце за Дынама!

Поделиться в соц. сетях

0

Оставить комментарий