Авторизация

ТэлеВіталь: Тады нам было 15, а зараз 44

1 734 views
Опубликовано: 13.10.2015 в 17:04

«Твой стыль» падрыхтаваў серыю эксклюзіўных інтэрв’ю з заўзятарамі футбольнага «Нёманам». Наш першы госць — ОЛДавы фанат, гонар 21-га сектара — ТэлеВіталь, ці проста Віталь.

Віталь не толькі ездзіць на гульні «Нёмана» па ўсёй Беларусі, але таксама наведвае матчы нацыянальнай зборнай Беларусі.

 

Нягледзячы на тое, што наш суразмоўца мае сям’ю, яму ўсё-роўна атрымоўваецца вырвацца і падтрымаць любімую каманду.

Яго «Нёман», ці тагачасны «Хімік» пачаўся з дзяцінства …

Пачатак…

«Нёман» пачаўся з «Хіміка». Першыя дзіцячыя ўспаміны — гэта «гісторыя» вакол гульні з кіеўскім «СКА».

Калi я вельмi хацеў на гульню, але мяне не ўзялі, бо было вельмі халодна — мароз.

А таксама «сумесныя» трэніроўкі, нас, пацаноў, разам з камандай на полі ля піянерскіага лагера імя Гагарына.

Мы, чацьвёракласнікі, гулялі там, дзе трэніравалася гарадзенская каманда. I вось аднойчы прыйшла каманда трэніравацца, а я тым часам на браме стаяў. Ну хлопцы і папрасілі мяне «праверыць».

Віталік Абрамук і жахнуў… Ачуняў, а вакол мяне ўсе бегаюць, вадзічкай паліваюць. Вось такое было знаёмства з «Хімікам».

Тады перад паходамі на матчы мы рабілі сабе дудкі — на драўляную лінейку нацягвалі абрэзаную дзіцячую соску. Пускалі «хвалю» па стадыёну. Зараз сярод фанаў гэта ўсё лічыцца не камільфо.

Памятаю, магчыма, першы фанацкі пэрфоманс на кубкавай гульні з бакінскім «Нефтчы». Тады дамовіліся набыць квіткі на цэнтральны сэктар, ці то пяты, ці то шосты і ўсе прыйшлі са сцягамі БССР.

 

І хвалю са сцягамі запускалі знізу ўверх. Па тэлевізары прыгожа выглядала.

Пасля гульні праход па вул. Горкага, скандзіраванне «зарадаў», аўтобусы са сцягамі!

Цікавым было і лета 1986-га. Чэмпіянат свету ў Мексіцы, на стадыёне людзей адпаведна меней, але каманда «адгружала» па 4-5 галоў за гульню. Ляпата!

У 93-iм, калі бралі Кубак, я тады вучыўся ў Мінску і, зразумела, не мог не пайсці на фінал. Потым прыйшлося прастаўляцца за перамогу.

 

Гарадзенцы, пераможцы Кубка Беларусі 1992-93 г.

Да канца 90-х я жыў у Мінску і хадзіў на футбол у асноўным там.

 

Фанат тады быў з мяне кепскі. Ды й вагаўся паміж футболам ды хакеем. Але калі прэзідэнт моцна ўзяўся за хакей… нешта ў мяне як адрэзала…

«Нёман» новы i «Нёман» стары

Галоўнае адрозненне таго футбола ад цяперашняга, так гэта, то што Саладоўнiкаў тады па полі насіўся, а зараз на броўцы стаіць.

Зразумела, што раней было і з футболам і з аўдыторыяй лепей. Стадыён быў поўны, ды і ў гульцоў самааддача да канца матчу…

Ці адрозніваліся фанаты савецкага часу ад цяперашніх фанатаў? Ну так, тады ім было 15, а зараз 44!

Дудкі і сцягі на кожным матчы. У цяперашніх фанатаў магчымасцяў больш, з’явіліся кампутары і інтэрнэт. У маю юную эпоху пачатак быў іншы…

Пад час матчу на стадыёне «Чырвоны сцяг»

Добра помню драўляныя лаўкі стадыёна «Чырвоны сцяг». Умяшчальнасць — 14 тысяч, але магло было прыйсці і больш, усё залежыла ад суперніка, і, вядома ж, ад таго, як каманда гуляе.

Цяпер стадыён перарабудавалі, дрэва замянілі на пластык, і людзей стала менш.

Прычына не ў гэтым, а ў стаўленні да футбола. Людзі разлюбілi гэтую гульню. З кожным годам усё менш і менш моладзі, якая гуляе ў сваіх дварах у футбол.

 

У наш жа час нас было не выгнаць з двара. Які інтэрнэт, які тэлефон? Хутчэй бяры мяч і бяжы на вуліцу.

Вось менавіта так нараджалiся фанаты. У маладых хлопцаў быў кумір, хадзілi, каб падтрымаць сваю каманду і горад.

 

Зараз ўсё крыху змянілася. Усе забыліся пра тое, якім павінен быць фанат альбо заўзятар.

Што такое выезд? Мой першы выезд быў у 1988 годзе ў Брэст. Нічога складанага ў гэтым няма — сеў на аўтобус ці электрычку і ты ўжо ў іншым горадзе.

Выезд у іншы горад — гэта магчымасць з ім пазнаёміцца. Пашпацыраваць па мясцовыж вуліцах, зазірнуць у якую-небудзь кавярню, паспрабаваць адчуць атмасферу гораду. Ну й на дэсерт гульня на мясцовым «Эстадыё».

Юбілей і г.д.

Не трэба было быць Настрадамусам, каб прадказаць фінансавыя праблемы клуба яшчэ напрыканцы мінулага года пасля кадравых перастановак у кіраўніцтве вобласці.

Таму феерычнага юбілейнага сезону я асабіста не чакаў. Тым прыемней былі фінал Кубка краіны і Ліга Еўропы.

Шкада, што не зачапіліся за першую шасьцёрку. Асабіста мне запомніліся перамогі над БАТЭ і супэртрылер з «Гомелем».

Але дома каманда зрэдку радавала перамогамі, таму за імі прыходзілася ездзіць па ўсёй краіне. Заўзятары заўсёды чакаюць большага.

Як можна выправіць сітуацыю ў клубе?

Адна надзея на Лукашэнку, што ён прышле кіраваць вобласцю якога-небудзь “Шапіру-2”. У іншым выпадку нас чакае лёс «Дняпра» ці берасьцейскага «Дынама»…

Баяздольнасць нашых клубаў на еўраарэне падвысілася да такога ўзроўня, што яны нават у групе спрабуюць часам гуляць «першым нумарам». А вось цікавасць заўзятараў звалілася ніжэй за плінтус, але, магчыма, тут справа не толькі ў шасцёрках.

Я не прэтэндую на лаўры нейкага гуру, які ўсё ведае. Вунь нават Капскі ніяк ня можа сабраць аншлаг.

P.S.

 

— На якой працы трэба працаваць, што б быць заўсёды з камандай?

Думаю, лепшая прафесія — гэта цырульнік- бярэш нажніцы і стрыжэш… купоны.

А калі сур’ёзна, то праца не павінна замінаць хоббі. Я, напрыклад, тэлевізары рамантую, вось адтуль i мая мянушка.

Знаходжанне на фанацкім сэктары, зразумела, стымулюе да нейкіх шалёных з пункту глежаньня звычайнага заўзятара ўчынкаў. Але апошнія грошы не аддам, бо я фанат не толькі «Нёмана», але і сваёй сям’і.

Фота Вольгі Трафімовіч і з архіву ФК «Нёман», http://www.t-styl.info

 

Поделиться в соц. сетях

0

Оставить комментарий